САКАВІЦКІЯ СУСТРЭЧЫ-2019
СВЯТА АДБЫЛОСЯ!


29 сакавіка, Мінск

Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Рау
г. Мінск, пр-т Газеты «Правда», 11

Сакавiцкiя сустрэчы 2019
Грамадзянская супольнасць Беларусі сёння і заўтра:
Падводзім вынікі

29 сакавіка адбыўся III Форум арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыўных груп Сакавiцкiя сустрэчы 2019.

Сакавіцкія сустрэчы 2019 – гэта пляцоўка для абмену досведам паміж актыўнымі людзьмі арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзейнасць якіх накіравана на пазітыўныя змены ў грамадстве.

Амаль 180 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыўных груп грамадзян, донарскіх і міжнародных арганізацый, даследчыцкіх цэнтраў, органаў мясцовай улады і кіравання, бізнесу, СМІ, а таксама незалежных экспертаў і экспертак сустрэліся ў гасцінных прасторах Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ё. Рау. На Форуме працавалі Прастора кансультацый, Прастора даследаванняў, Прастора грамадзянскай актыўнасці, Прастора грамадзянскіх правоў, Прастора перспектываў і Дыскусійная прастора.

На Сакавіцкіх сустрэчах 2019 удзельнікі распавядалі пра сучасны стан грамадзянскай супольнасці, праблемы i дасягненні, абмяркоўвалі механізмы ўдзелу і ўплыву грамадзянскай супольнасці Беларусі на прыняцце рашэнняў, дзяліліся лепшымі практыкамі па стымуляванні пазітыўных зменаў. Удзельнікам Форума былі прадстаўлены даследаванні ў галіне гендарнай дыскрымінацыі на рынку працы, стаўлення беларусаў да беларускай судовай сістэмы, сацыяльнага прадпрымальніцтва, майстар-клас па міжнародных прававых інструментах у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, прэзентацыі адукацыйных рэсурсаў, грамадзянскага актывізму ў рэгіёнах і Мінску, анонсы мерапрыемстваў і шмат чаго іншага. Вось што кажа Аляксей Шчарбацэвіч, прадстаўнік Валожынскай арганізацыі БелАДДІіМІ, пастаянны ўдзельнік Сакавіцкіх сустрэч: «Я вельмі натхніўся гэтым Форумам. Сакавіцкія сустрэчы даюць магчымасть пазнаёміцца з новымі людзьмі, навучыцца карысным рэчам і сустрэць старых знаёмых».

Мяркуючы па водгуках, пачутых асабіста і прачытаных у сацыяльных сетках, панэльныя дыскусіі і секцыі атрымаліся змястоўнымі і вельмі карыснымі. Абмеркаванні існуючых праблем праходзілі даволі эмацыйна, горача і займальна, што сведчыла пра высокую зацікаўленасць з боку ўдзельнікаў Сакавіцкіх сустрэч 2019 і іх рашучасць адстойваць свае погляды ў дачыненні да развіцця грамадзянскай супольнасці. Сваімі ўражаннямі дзеліцца актывістка з Рэчыцы Таццяна Ласіца, якая раней не брала ўдзелу ў Сакавіцкіх сустрэчах: «Я вельмi ўдзячная за магчымасць распавядаць пра наш праект #маршрут_Копелян #Робімразам #zapraudu, вось тут, на гэтай пляцоўцы. А таксама была рада пабачыць сяброў з некамерцыйнага сектара. Вельмi шмат уражанняў ад панэляў».

Меркаванне аднаго з арганізатараў Форума, супрацоўніка Фонда «Новая Еўразія» Александра Лямперта: «Форум Сакавіцкія сустрэчы 2019 цалкам апраўдаў сваё прызначэнне публічнай пляцоўкі для сустрэч усіх і ўсяго, што жыве і дзейнічае ў грамадскім сектары, без якіх-небудзь галіновых, арганізацыйных або ідэалагічных абмежаванняў. І паколькі вялікая колькасць сёлетніх удзельнікаў раней не бралі ўдзелу ў Сакавіцкіх сустрэчах, то вельмі важна, што нам удалося яшчэ раз падняць важныя для развіцця грамадзянскага сектара пытанні і тэмы, а таксама ўключыць новых удзельнікаў у гэтую размову. Форум даў магчымасць усім жадаючым знаёміцца, дзяліцца досведам, дамаўляцца аб новых сумесных дзеяннях або праектах».

Шчыра дзякуем усім удзельнікам Сакавіцкіх сустрэч 2019 і нашым партнёрам, якія дапамагалі распрацаваць канцэпцыю і праграму Форума, а таксама дзяліліся сваёй экспертызай падчас мерапрыемства! Асаблівая падзяка Агенцтву ЗША па міжнародным развіцці USAID і Некамерцыйнай арганізацыі PACT за арганізацыйную і фінансавую падтрымку мерапрыемства.

Мы ўдзячны за тое, што Вы былі з намі. Жадаем Вам плённай дзейнасці і новых здзяйсненняў! Да сустрэчы ў наступным годзе!
Сакавiцкiя сустрэчы 2019 – гэта пляцоўка міжсектарнага ўзаемадзеяння, дыскусій, абмену ведамі, досведам і практыкамі.

Дзейнасць грамадзянскай супольнасці ў апошні час набывае розныя формы і праявы, назапашаны значны досвед, які патрабуе асэнсавання. Погляд з розных бакоў, шчырая дыскусія, новыя ідэі зробяць грамадзянскую супольнасць Беларусі яшчэ мацнейшай.

На Сакавiцкiх сустрэчах 2019 традыцыйна прадстаўленыя майстар-класы, прэзентацыі, анонсы будучых мерапрыемстваў і праектаў, а таксама адбудуцца адкрытыя панельныя дыскусіі.

Гісторыя
Сакавiцкiя сустрэчы прайшлі ужо ў трэці раз. Папярэднія сабралі на сваіх пляцоўках больш за 500 удзельнікаў і былі накіраваныя на ўдзел некамерцыйных арганізацый і ініцыятыў у развіцці мясцовых супольнасцяў, прасоўванне розных форм грамадзянскай актыўнасці на нацыянальным і мясцовым узроўні. І, канечне ж, галоўным для ўдзельнікаў сталі новыя знаёмствы, партнёрствы і веды.

Мэта Сакавіцкіх сустрэч
Узмацненне грамадзянскай актыўнасці і міжсектарнага ўзаемадзеяння для развіцця Беларусі.

Тэма Сакавіцкіх сустрэч 2019
Грамадзянская супольнасць Беларусі: сёння і заўтра.

Задачы Форума

• Прааналізаваць тэндэнцыі і выклікі ў развіцці грамадзянскай супольнасці Беларусі.

• Абмеркаваць механізмы ўдзелу і ўплыву грамадзянскай супольнасці Беларусі на прыняцце рашэнняў на міжнародным, нацыянальным і мясцовым узроўнях; абмяняцца досведам і лепшымі практыкамі па стымуляванні пазітыўзных зменаў.

• Спрыяць пашырэнню міжсектарнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, ініцыятыўнымі групамі, донарскімі і міжнароднымі арганізацыямі, даследчыцкімі цэнтрамі і незалежнымі экспертамі і эксперткамі, органамі цэнтральнай і мясцовай улады і кіравання, бізнесамі, СМІ.

У праграме Форума:

• дыскусіі з эксперткамі і экспертамі пра дасягненні грамадзянскай супольнасці і трэнды грамадзянскай актыўнасці;

• лепшыя практыкі грамадзянскіх ініцыятыў з усёй Беларусі ад Жалудка да Брагіна і ад Брэста да Шаркаўшчыны;

• анонсы бліжэйшых мерапрыемстваў ад грамадскіх арганізацый і ініцыятыў;

• абмеркаванне вынікаў актуальных даследаванняў аб гендэрнай дыскрымінацыі на рынку працы, аб назіранні за судовымі працэсамі, а таксама аб узаемадзеянні мясцовых органаў улады з НДА;

• майстар-класы па імплементацыі падыходу, заснаванага на правах чалавека, у дзейнасць мясцовых супольнасцяў;

• прэзентацыі адукацыйных праграм для прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадзянскай супольнасці;

• абмен досведам і практычныя парады па сацыяльным прадпрымальніцтве;

• экспрэс-кансультацыі ад экспертак і экспертаў у сферы гендэрнай роўнасці, экалогіі, права i інш.

Прынцыпы Форума застаюцца нязменнымі:

Інклюзіўнасць - Форум забяспечвае магчымасць удзелу ўсіх зацікаўленых у развіцці грамадзянскай супольнасці на нацыянальным і мясцовым узроўні.

Партн
ёрства - Сакавіцкія сустрэчы – праект, у які арганізацыі-партнёры ўкладваюць ідэі, веды, досвед і рэсурсы. Падрыхтоўкай займаецца Арганізацыйны камітэт.

Інавацыйнасць
- Форум выкарыстоўвае і прапагандуе інавацыйныя для Беларусі формы працы грамадзянскай супольнасці, тэхналогіі і падыходы.

Неф
армальнасць - Форум стварае нефармальную атмасферу для свабоднага абмену думкамі, супрацоўніцтва і радаснай камунікацыі.

Арыентацыя на практыку
- Форум арыентуецца на лепшыя практыкі, канкрэтныя гісторыі поспеху і аналіз памылак.

Адкрытасць
- Форум заснаваны на актыўнай камунікацыі, усе матэрыялы размяшчаюцца ў адкрытым доступе.
Рэгістрацыя абавязковая!
Мы на сувязі
sakavik.forum@eurasia.by
Фонд «Новая Еўразія»
+375 29 307 55 43
г. Мінск, вул. Ракаўская 12, офіс 308
http://eurasia.by/
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website